ЦВК – упс… Вось такая неспадзяванка!

ЦВК – упс… Вось такая неспадзяванка!

Старт галасаваньня ў Сойм II за некалькі гадзінаў да пачатку апынуўся пад пагрозай зрыву. Глыбока ўкаранёная ў нацыянальнай ментальнасьці, як наступства каляніяльных стагодзьдзяў, вейшнорская рыса – не чытаць ўласных законаў і пастановаў – у чарговы раз падклала тлустую сьвіньню.

Што ж здарылася?

Пастановай ЦВК Вейшнорыі былі дакладна вызначаны наступныя тэрміны выбарчаго працэсу:

1.У перыяд з 03 верасьня 2018 года па 30 верасьня 2018 года правесьці вылучэньне кандыдатаў у Сойм.
2. У перыяд з 01 кастрычніка 2018 года па 04 лістапада 2018 года пройдзе Агітацыйная кампанія кандыдатаў у Сойм.
3. У перыяд з 05 лістапада 2018 года па 18 лістапада 2018 года пройдзе галасаваньне па вылучаных кандыдатурах.

Такім чынам працягу месяцаў лічыльнік на сайце, што адмерваў дні агітацыйнай кампаніі да 1 лістапада 2018, як высьвятляецца, нахабна ўводзіў у зман, што зрабілася заўважным толькі ў дзень дэдляйну.

Арытмэтыка ніколі не была моцнай рысай большасьці вейшнорцаў …

Але ня трэба пасьпешліва вінаваціць Тэхнічную плятформу. Як ні парадаксальна, менавіта яна мела рацыю, усталёўваючы лічыльнік насуперак рэгламентам, вызначаным ЦВК. Адкрыем прынятую Соймам пастанову “Правядзенне выбараў у Сойм II склікання“:

“14. Тэрміны правядзення выбараў:
2) Выбарчы працэс чарговых выбараў дэпутатаў пачынаецца за шэсцьдзесят дзён да дня галасаваньня. Цэнтральная выбарчая камісыя абвяшчае пра пачатак выбарчага працэсу не пазьней, чым за шэсьцьдзясят адзін дзень да дня галасаваньня “

Дата 5 лістапада, такім чынам, адкрыта супярэчыла заканадаўству (пакінем пакуль за дужкамі сумневы ў канстытуцыйнасці самой пастановы і невыразнасьць ейных фармулёвак, аб чым яшчэ трэба будзе вызначыцца з тлумачэньнем ейных пунктаў 2-3 і колькасным складам Сойму). Застаецца неяк юрыдычна выправіць гэтае прыкрае непаразуменьне ў апошнія гадзіны кастрычніка перад пачаткам (спадзяемся!) Галасаваньня.