Міністры, Канцлер, прысяга – пра што думае Сойм-ІІ

Міністры, Канцлер, прысяга – пра што думае Сойм-ІІ

Пасьля заканчэньня выбараў у Сойм-ІІ і абвешчаньня вынікаў інфармацыйная прастора Вейшнорыі быццам замерла ў чаканьні, але толькі на першы погляд… За кулісамі дэпутаты актыўна абмяркоўвалі ўжо прынятыя законы і зьмены да іх. Не абышлі ўвагай і законы, якія яшчэ трэба будзе прыняць і якія можна адкласьці ў доўгую скрыню, бо час дзеля іх пакуль не надышоў. А яшчэ прамаўляліся прысягі і працягваліся гарачыя дыскусыі: аб бюджэце, нацыянальнай валюце, пра будучы Ўрад і …

Прысягі депутатаў

Абапіраючыся на пастанову, прынятую першым Соймам, некаторыя з дэпутатаў агалосілі ініцыятыву даць прысягу вейшнорскаму народу (Прысяга Дэпутата Сойму Вейшнорыі). Частка дэпутатаў падтрымала гэтую ініцыятыву, а іншая частка ўжо традыцыйна праігнаравала. У асноўным, прысягалі дэпутаты з першай 30-кі (што сапраўды важна бо менавіта ім давядзецца галасаваць ды прымаць рашэньні) і колькі “апазыцыянэраў”. Зрэшты, варта згадаць, што закону, які б абавязваў дэпутатаў абвяшчаць прысягу па-просту не існуе, як і пакараньня за невыкананьне дэпутатамі гэтага ўрачыстага дзейства. Таму ня варта моцна крытыкаваць тых слуг народу, хто не далучыўся да дадзенага “флэш-мобу”.

Тыя з дэпутатаў, якія ўсё ж прысягнулі свайму народу (іх апынулася на момант напісаньня гэтага артыкула 19 зь першых 30-і ды 1 “апазыцыянэр”), атрымаюць нешта важнае, гэта – павага і большы давер да іх ад Грамадзянаў Вейшнорыі і калегаў-дэпутатаў, што ня так ужо і мала.

Пра Сакратарыят або Канцылярыю Сойму

Пэўна, найбольш дэпутаты абмяркоўвалі прызначэньне Сакратара Сойму і ягоныя абавязкі. У дыскусыях гучала прапанова аб перайменаваньні Сакратарыята на Канцылярыю, а Сакратара, адпаведна, на Канцлера Сойму. Многія з дэпутатаў Сойму-ІІ падтрымліваюць выкарыстаньне гістарычна блізкай дзеля Вейшнорыі тэрміналёгіі і лічаць дапушчальным некаторы адыход ад тэрмінаў англамоўнага паходжаньня, якімі і так карыстаецца ўвесь Сьвет.

Заканадаўцы прыйшлі да высновы, што менавіта Сакратарыят мусіць узяць на сябе працу штода навядзеньня парадку ў заканадаўстве і давядзеньня яго да пэўнай агульнай сыстэмы (распрацаваць стандарты). Падчас абмеркаваньняў былі вызначаныя і кандыдаты на пасады Канцлера Сойму – Rogacz Zmicier Magnus ды Падканцлераў – памочнікаў: Стопяцьдзесяты Аляксей, Дмитренко Віктор. Магчыма колькасьць памочнікаў павялічыцца з 2-х да 4-х, калі знойдуцца яшчэ кандыдаты і ў гэтым узьнікне неабходнасьць.

Новы дзяржаўны орган, зфарміраваны з дасьведчаных дэпутатаў Сойму, можа сапраўды дапамагчы накіраваць энэргію дэпутатаў у патрэбнае рэчышча, пэўным чынам арганізаваць іхнюю працу, каб рухацца да пастаўленых мэтаў згодна з плянамі. Прынамсі, так задумана самімі дэпутатамі-ініцыятарамі закону. Але ці запрацуе гэтая ініцыятыва? Пакажа час…

Пра Ўрад

Гарачай была і тэма прызначэньня Ўраду ды пачатак ягонай працы. Дэпутаты абмяркоўвалі, якія Міністэрствы патрэбныя краіне і ці ёсьць каму іх ўзначаліць. Падсумавалі датычныя гэнай справы законы, якія ўжо існуюць, а якія яшчэ неабходна прыняць. Таксама актыўна абмяркоўваліся абавязкі, паўнамоцтвы і парадак справаздачнасьці будучых Міністраў, падзел паўнамоцтваў паміж Міністрамі, Заступнікамі і Дарадцамі. Прапануем нашым чытачам далучыцца да гэтага цікавага працэсу і прыняць удзел у апытаньні наконт будучых Міністэрстваў Вейшнорыі!

Варта нагадаць, што найбольш прадуманым і абгавораным на сёняшні дзень ёсьць законапраект Распрацоўка вірт.модулю “Урад Вейшнорыі”, распрацаваны Інтэлектуальным цэнтрам “Вірт-Рэал” .

Пра дзяржаўны бюджэт

Тэма дзяржаўнага бюджэту была закранутая некалькі разоў, але цяжка абмяркоўваць і разьмяркоўваць тое, чаго амаль няма. І нават з тымі драбкамі прэмайну Талера, што ёсьць недзе на рахунках – не да канца ўсё зразумела… Дэпутаты дакладна павінны ўсвядоміць толькі адно – трэба актыўна шукаць крыніцы напаўненьня дзяржаўнага Скарбу. Бяз гэтых крыніцаў ніякага дзяржаўнага бюджэту быць ня можа і дзяржаўнай падтрымкі арганізацыяў, адпаведна, таксама.

Пра нацыянальную валюту

Талер – першая беларуская крыпта-валюта, якую Сойм-І выбраў афіцыйнай валютай Вейшнорыі. Але з-за аб’ектыўных ды суб’ектыўных прычынаў (дэвальвацыя, скандалы, хакерская атака) – большасьць вейшнорцаў ня маюць даверу да Талера і не карыстаюцца ім Прыкладна такія ж настроі пануюць і сярод дэпутатаў. Іх хвалююць пэўныя сумневы. Па-першае, ці зьяўляецца Талер надзейнай крыпта-валютай з прафэсыйнай камандай падтрымкі? Па-другое, ці мажіва будзе ў будзь які час, зручна і без праблемаў купіць і прадаць неабходную колькасьць крыпта-манэтаў? Калі каманда Талеру дасьць уцямных адказаў, якія задаволяць Сойм, тады Вейшнорыя і талер могуць мець супольную будучыню.

Напрыканцы – аб арганізацыі працы Сойму-ІІ

Дзеля лепшай камунікацыі паміж дэпутатамі ў мэсэнджэры Тэлеграм быў арганізаваны агульны чат пад назвай ІІ созыв Сойма Вейшнории, а дзеля абмеркаваньня больш канкрэтных пытаньняў былі створаныя дадатковыя чаты соймавых камітэтаў:

Vie-Сойм ІІ – сакратарыят (чат Сакратарыяту Сойму)

Vie-Сойм ІІ – фін (фінансавы камітэт, дзеля абмеркаваньня фінансава-эканамічных пытаньняў)

Vie-Сойм ІІ – тэхАдмін (камітэт ТАП, дзеля абмеркаваньня тэхнічных пытаньняў)

Vie-Сойм ІІ – час (часовы камітэт, дзеля абмеркаваньня тых ці іншых абмежаваных у часе пытаньняў)

Vie-Сойм ІІ – МЗС (сумесны з МЗС камітэт замежных справаў)

Большасьць дэпутатаў зь першай 30-кі больш-меньш асвоіліся з функцыяналам Тэлеграму і актыўна ўдзельнічаюць у абмеркаваньнях.