Лаўнікевіч: Талер мог бы цудоўна працаваць, як грашовая адзінка і Вейшнорыі, і не толькі яе

Лаўнікевіч: Талер мог бы цудоўна працаваць, як грашовая адзінка і Вейшнорыі, і не толькі яе

Падчас толькі завершанага Вейшнорскага гранд-апытання многія ўдзельнікі задаліся пытаннем – а што ж за з’ява такая Талер? У той даўняй ужо гісторыі крыпта-Талера зашмат цмянага, таму мы далі слова другому боку канфлікта, каб чытач зрабіў свае высновы. Чытайце інтэрв’ю з аўтарам ідэі і адным з заснавальнікаў талера Дзянісам Лаўнікевічам.

Як і калі ўзнікла ідэя стварыць крыпта-Талер?

Hosting Ukraine

У ліпені 2017-га. Я вывучаў крыптавалюты з пункту гледжання эканомікі, фінансаў – бо я не IT-спецыяліст і тэхнічны бок справы мне вядомы мала. Але ж я эканамічны аглядальнік з вельмі вялікім досведам (з 1995-га), таму разумею эканамічны бок крыптавалют. Мне гэта было цікава, бо я пабачыў у крыпце магчымасць рэалізаваць ідэі, якія вялікі аўстрыйскі эканаміст Фрыдрых фон Хайек высунуў яшчэ ў 1970-х у кнізе “Прыватныя грошы”.

У нейкі момант – у ліпені 2017-га – я зразумеў, што было б добра стварыць асобную валюту, якой бы маглі карыстацца беларусы, але якая б не залежала ад дзяржавы.

Чаму вы вырашылі назваць сваю крыптавалюту “Талер”?

Бо гэта назва грошай, якія выкарыстоўваліся на нашай зямлі напрыканцы сярэднявечча і пазней. Яны засталіся  ў народнай памяці, бо гэта былі часы “залатога веку” для беларусаў.

Ці былі тэхнічныя праблемы ў развіцці крыптавалюты?

Не ведаю. Усёй тэхнічнай працай займаўся – як IT-спецыяліст – Сяргей Лаўрыненка. Я не меў ніякага дачынення да тэхнічнага боку, бо проста не меў і не маю зараз адпаведных IT-кампетэнцый. Я займаўся эканамічным абгрунтаваннем стварэння Талера, а пазней – яго PR.

Як вы планавалі “прасоўваць” Талер, каб ён “ішоў да людзей”?

1. Прэс-канферэнцыі для СМІ

2. Публікацыі ў СМІ, удзел у канферэнцыях.

3. Раздача талераў людзям.

4. Раздача талераў бізнэсам.

5. Тлумачальная праца з чыноўнікамі.

Ці прынеслі ўсе гэтыя дзеянні станоўчы вынік?

Толькі некаторыя з іх. Напрыклад, мы абвесцілі, што будзем даваць 50.000 талераў любому бізнэсу, які захоча выкарыстоўваць гэтыя талеры менавіта ў сваім бізнэсе. Але адно патрабаванне – абгрунтуйце, распавядзіце, як вы будзеце іх выкарыстоўваць. Звярталіся па талеры многія, але ніхто не мог патлумачыць, як плануе іх выкарыстоўваць. На той момент мала ў каго быў досвед працы з крыптавалютамі, людзі слаба разумелі тэму.

Мы і самі, шчыра кажучы, не надта сур’ёзна ставіліся да праекта, гэта было нешта накшталт практыкавання.

Як і калі ўзнікла ідэя інтэграцыі Талера ў Вейшнорыю?

Сяргей Лаўрыненка распавёў мне пра гэты праект, сказаў, што ведае людзей, якія яго ствараюць. І з’явілася ідэя проста пералічыць пэўную частку талераў Вейшнорыі, каб паказаць натуральную мадэль выкарыстання крыптавалюты у дзяржаве – хай сабе і віртуальнай. Так нават лепей – для разумення працэсаў. Мы сустрэліся і дамовіліся пералічыць Вейшнорыі на пачатку 100.000 талераў. Мы гэта зрабілі.

Усе чулі пра раскол каманды Талера, чулі пра нейкія скандалы і інтрыгі, але мала хто ведае, што там сапраўды адбылося … Раскажы больш падрабязна, якія канфлікты ўзніклі падчас перадачы маёмасці? І хто ў гэтым вінаваты?

Скандалы заўсёды ўзнікаюць там, дзе ёсць нейкая хайповая тэма і на яе злятаюцца людзі, якія хочуць на ёй зарабіць. У выпадку Талера каля яго вельмі хутка намалявалася шмат людзей, якія не мелі аніякага дачынення да стварэння крыптаманеты, але хацелі нешта на ёй….. ну, можа зарабіць, ці нешта яшчэ.

Пачаліся нейкія асабіста мне незразумелыя інтрыгі, скандалы і гэтак далей.

Адначасова распачаўся псіхалагічны ціск з боку ўладаў Беларусі, з боку спецслужбаў. Гэта зразумела – дзяржава не хоча губляць манаполію на грошы, а мы, атрымліваецца, кінулі ёй выклік.

Дык вось, распачаўся псіхалагічны ціск, распачаліся скандалы, было добра бачна, як у каманду засылаюць людзей звонку, а таксама самі ў яе дадаюцца нейкія махляры, якія пачыналі гаварыць ад імя талера, нешта рабіць ад імя талера і гэтак далей.

Пакрысе я і Сяргей пачалі губляць кантроль над праектам. Напрыканцы лютага 2018-га Сяргей заявіў, што выходзіць з праекта. Я ў той час моцна хварэў, ляжаў  то ў адной лякарні, то ў іншай, і мне маё здароўе было даражэйшае за праект (на той момант). Калі Сяргей выйшаў, я вырашыў таксама на нейкі час пакінуць праект – пакуль буду папраўляць здароўе. Было вырашана перадаць прэмайн на захаванне Вейшнорыі.

Частку пералічылі без праблем. Калі я вырашыў перадаць рэшту, з іншага камп’ютара, аказалася, што той камп’ютэр узламаны (праз несанкцыянаваны доступ), а гаманец талераў на ім – запаролены.

Я не ведаю, хто гэта зрабіў. У мяне ёсць падазрэнні – праз кола людзей, якія мелі доступ да таго ноўтбука – але, не маючы доказаў, я не магу кагосці публічна абвінавачваць.

Карацей, аказалася, што мой гаманец заблакаваны, а доступ да яго мае нехта іншы. Але ж, натуральна, “шырокая публіка” пачала крычаць, што я проста не хачу перадаваць талеры Вейшнорыі.

Цікавы псіхалагічны момант: я і не быў павінны нікому нічога перадаваць, бо гэта была прыватная ўласнасць двух людзей – мяне ды Сяргея Лаўрыненкі. Але ж справу пачалі паварочваць так, быццам я адмовіўся перадаваць талер Вейшнорыі.

Ці бачацца цяпер варыянты, як выбрацца зь ямы?

Бачацца, і добрыя, і тыя, што можна цалкам рэалізаваць. Проста я не ведаю, навошта гэта мне пры такім стаўленні да мяне.

Як магло б выглядаць у пэрспэктыве функцыянаваньне Талера ў Вейшнорыі?

Доўга распавядаць, гэта асобная вялікая тэма. Але, кажучы коратка, пры правільнай пабудове фінансавай сістэмы (я гэта прапісваў у першай версіі “Белай паперы” Талера, якая ў мяне захавалася) – талер мог бы цудоўна працаваць як грашовая адзінка і Вейшнорыі і не толькі яе.

Чым ёсьць Вейшнорыя на тваё разуменне?

Вельмі цікавы праект, натхняючы, вельмі перспектыўны. Які, на жаль, у пэўнай ступені стаў закладнікам людзей, якім ён або больш не цікавы, або проста не самых годных. Але ж Вейшнорыя пакуль мае вельмі добры патэнцыял – проста не можа яго раскрыць.

Ці бачыш дзеля сябе больш актыўную ролю ў Вейшнорыі?

Хаця я грамадзянін Вейшнорыі, яе сваральнікі чамусці доўгі час палівалі маё імя брудам ды лайном, хлусілі наконт мяне, нават забанілі ў чаце Вейшнорыі калі я пачаў задаваць пытанні, якія ім не падабаліся. Адпаведна пры такім стане рэчаў я не бачу для сабе нейкай ролі ў Вейшнорыі. Калі нешта памяняецца – будзем глядзець.

Пакінуць адказ