
Чатыры рокі Незалежнасьці Вейшнорыі
З нагоды Дня Незалежнасьці Вейшнорыі мы паспрабавалі асэнсаваць хай недалёкае, але ўжо мінулае віртуальнай дзяржавы, а таксама – зірнуць на цяперашні стан і мажлівую пэрспэктыву краіны.
- Вейшнорыя ёсьць экстэрытарыяльнай онлайн-краінай зь віртуальнай інтэрнэт-дзяржавай.
Грамадзянінам Вейшнорыі можа стаць кожны (незалежна ад грамадзянства рэальных дзяржаваў), хто адчувае ў сабе Вейшнорскі дух – імкненьне да вольнасьці і справядлівасьці, непрыманьне агрэсыі.
Вейшнорскі дух заўжды існаваў у многіх сэрцах лятэнтных вейшнорцаў.Аднак напрыканцы жніўня 2017 адбылося Вялікае абуджэньне – вейшнорцы адчулі покліч Вейшнорскага духу, як адповед агрэсыі ваеншчыны рф і рб у дачыненьні да Вейшнорыі (тэрыторыю якой яны самовольна акрэсьлілі на паўночным захадзе сучаснай Рэспублікі Беларусь).
- Што адбылося далей.
Вейшнорцы абвесьцілі незалежнасьць сваёй дзяржавы, у выніку масавага інфармацыйнага супраціву агрэсыі была атрыманая перамога ў 7-дзённай вайне – агрэсары панесьлі страты і адступілі.
Працяг дзеяньня Вейшнорскага духу прывёў да стварэньня онлайн-плятформы віртуальнай дзяржавы, быў абраны Сойм і складзеная Канстытуцыя. Вейшнорыя стала школай сапраўднай дэмакратыі, калі менавіта грамадзяне самі вызначаюць правілы і прыярытэты разьвіцьця грамадзтва. - Першасна Вейшнорская ідэя ўзьнікла як контрпрапаганда агрэсыі. Справа ў тым, што ціск і гвалт з боку рф-іі трывае далёка ня толькі Беларусь.
Украіна ўжо 7 рокаў абараняецца ў збройным канфлікце, панесла сур’ёзныя тэрытарыяльныя і чалавечыя страты.
Акрамя таго, дзясяткі краінаў ува ўсім Сьвеце пакутуюць празь несупыннае ўмяшальніцтва ўсё той жа “затычкі ў кожную бочку”.
Але вельмі важная пазытыўная канцэпцыя разьвіцьця віртуальнай Вейшнорскай прасторы і супольнасьці.
Сутнасьць Вейшнорскай ідэі можа быць зфармуляваная, як гэапалітычны хаўрус грамадзянаў краінаў цэнтральна-усходняй Эўропы.
Краіны рэгіёну маюць глыбокія гістарычныя сувязі з часоў ВКЛ, “імпэрыі Ягэлёнаў”, Рэчы Паспалітай, а таксама ёсьць пераважна славянамоўнымі.
Напачатку ХХ ст. рэгіён атрымаў назву Міжмор’е і быў пакліканы стаць процівагай як краінам “старой” Эўропы, гэтак і расейскай дзяржаве.
І вось цяпер (праз 100 рокаў) ідэя Міжмор’я можа атрымаць свой працяг у віртуальнай прасторы. - Мы, Вейшнорцы, бачым пакліканьне Вейшнорыі ў тым, каб абудзіць ува ўсіх, хто мае повязь з рэгіёнам цэнтральна-усходняй Эўропы адчуваньне сваёй гістарычнай і культурніцкай блізкасьці, пачуцьцё каштоўнасьці і паўнавартаснасьці свайго Міжмор’я, здольнасьці разам супрацьстаяць уплывам як з Усходу, гэтак і з Захаду.
- Вейшнорыя імкнецца аб’яднаць і разьвіць віртуальную актыўнасьць Вейшнорцаў у духу вольнасьці, імкненьня да справядлівасьці і супрацьстаяньня агрэсыі.
Тэхнічная аснова Вейшнорскай віртуальнай прасторы – онлайн-плятформа vie.today – таксама мае патрэбу ў дапаўненьні і разьвіцьці згодна зь Вялікім вейшнорскім апытаньнем.
Адпаведна, тэхнічная каманда плятформы мае патрэбу ў праграмоўцах на PYTHON
- Чым жа каштоўная Вейшнорыя?
Вейшнорыя нарадзілася як сьветлая ідэя ў сэрцах многіх людзей.
Вейшнорская ідэя не губляе актуальнасьці, бо агрэсыя нікуды ня зьнікла.
Вейшнорцы ёсьць носьбітамі высокага Вейшнорскага духу вольнасьці і справядлівасьці.
Пашырэньне і разьвіцьцё Вейшнорскай прасторы вядзе да фармаваньня новай ідэнтычнасьці, якая дазволіць больш упэўнена і па-гаспадарску паставіцца да свайго асяродзьдзя – як прыватнага, так і гэапалітычнага. - Каб стаць Вейшнорцам неабходна адчуць у сабе праяву Вейшнорскага духу, зарэгістравацца на плятформе vie.today і далучыцца да разьвіцьця Вейшнорскай прасторы )