1/2тэрміну-1/2кворуму… роздум, зірнуўшы на Трампа

1/2тэрміну-1/2кворуму… роздум, зірнуўшы на Трампа

Такім чынам, экватар пройдзены. Палова вызначанага ЦВК мінімуму галасоў сабраная акурат на палове тэрміну галасаваньня за кандыдатаў у Сойм II.

Амаль няма сумневаў, што выбары будуць прызнаныя адбыўшыміся – і на гэты раз нават без перавароту, – паколькі кворум у 25% ня мае падтрымкі ў прынятай Соймам Пастанове “Аб правядзенні выбараў у Сойм II скліканьня”. Аднак веданьне агульных электаральных тэндэнцыяў з высокай доляй упэўненасьці сьведчыць ужо сёньня, што азначаны кворум усё ж ня будзе дасягнуты.

Ўвядзеньне інстытуту грамадзянства зь фізычнымі картамі ў свой час выклікала шмат крытыкі і спрэчак, якія працягваюцца да гэтага часу, і выклікалі нават пэўны раскол у вейшнорскім грамадзтве. Але, як бачым, нават грамадзянства ня вырашыла праблему нізкай грамадзянскай актыўнасьці. Якая, такім чынам, застаецца выклікам ня толькі грамадству, але і новаму Сойму ў ягонай нялёгкай задачы фармаваньня працаздольнай заканадаўчай базы. У рэшце рэшт, яна робіць немагчымым правядзеньне рэфэрэндумаў і ўкараненьне інстытутаў наўпроставай дэмакратыі, а гэта ўжо можа мець сумныя наступствы.

Менавіта ў гэтыя дні вялікі рэзананс выклікала ініцыятыва прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб частковым пераглядзе апошнія паўтараста рокаў нязьменных прынцыпаў набыцьця амэрыканскага грамадзянства датычна народжаных на тэрыторыі краіны. Рэвізыя канцэпцыі грамадзянства як фундаментальных асноваў нацыянальнай дзяржавы – заўсёды ёсьць балючым пытаньнем, асабліва калі становіцца полем сутыкненьня дзьвюх палярных парадыгмаў грамадзянства, якія ўмоўна можна назваць “лібэральнай” і “нацыяналістычнай”. Розьніца паміж імі складаецца ў процілеглых адказах на пытаньне: што першасна – асоба або нацыя (як суб’ектнае адзінства)?

Вядома, сымпатыі большасьці вейшнорцаў (аб гэтым, у прыватнасьці, сьведчыць і склад палітычных партыяў краіны) на баку першай парадыгмы, дзе кожная асоба зьяўляецца апрыёры носьбітам грамадзянскіх правоў, а нацыянальны вэктар становіцца сумай вэктараў палітычных перакананьняў і памкненьняў ўсіх грамадзянаў. Гісторыя красамоўна і пераканаўча даказвае нам небяспеку альтэрнатыўнай канцэпцыі, калі прымат нацыі зь ейнымі апрыёрнымі каштоўнасьцямі амаль непазьбежна абгортваецца грэбаваньнем правамі чалавека, прыводзіць да дыскрымінацыі і дзяржаўнай тыраніі. Аднак яна сведчыць і пра тое, што на шляху фармаваньня нацыянальных дзяржаваў зь лібэральнымі каштоўнасьцямі (якія працуюць толькі ў сталай грамадзянскай супольнасьці) усе яны праходзілі ў той ці іншай форме “нацыяналістычную” стадыю – больш за тое, там, дзе падобных хваробаў росту ўдавалася пазьбягаць, развіцьцё лібэральнай парадыгмы пачынае прабуксоўваць з-за неразьвітасьці грамадзянскай нацыі.

Як бязбольна змадэляваць гэтыя працэсы ў дзяржаўным in vitro? Большасьць заснаваных на базе інтэрнэту мікранацыяў (віртуальных дзяржаваў) на шляху свайго разьвіцьця прыходзіць да разуменьня неабходнасьці рэгулярнага абнаўленьня рэестра актыўных грамадзянаў. Наўрад ці гэтая ўнівэрсальная і вельмі неабходная практыка, аднак яна часткова дазваляе вырашаць праблему. Здаецца, яшчэ на плятформе 1.0 Вейшнорыя мела “Залю памяці”, дзе неактыўныя карыстальнікі, якія пасля рэгістрацыі больш не заходзілі на сайт, аб’яўляліся ахвярамі 7-дзённай савецка-вейшнорскай вайны. Мяккім варыянтам могуць стаць рэгулярныя перапісы насельніцтва, якія будуць дэманстраваць рэальную дэмаграфічную карціну ў статыцы і дынаміцы. У рэшце рэшт, у макранацыях існуе натуральнае зьмяншэньне насельніцтва празь сьмяротнасьць і зьмену грамадзянства. Ўнёсак за картку грамадзяніна дае права выбіраць і быць абраным, а не лічыцца сярод грамадзянаў “мёртвымі душамі”. Вядома ж, грамадзянін, прызнаны паводле перапісу неактыўным, павінен заўсёды мець магчымасьць аднавіць сваю актыўнасьць. Але менавіта ад актуальнай колькасьці актыўнага насельніцтва мусіць разьлічвацца і прадстаўнічы склад Сойму, і квоты для рэфэрэндумаў.

Зрэшты, дачакаемся хоць вынікаў выбараў дзеля канчатковых альбо прамежкавых высноваў.